Навіны - У добры шлях, «БЕЛАРУСЫ»!


уверх

[2016-06-30]

У добры шлях, «БЕЛАРУСЫ»!

Трактар «БЕЛАРУС-3522» магутнасцю 350 конскіх сіл прызначаны для выканання энергаёмістых сельскагаспадарчых работ ў цягавым і цягава-прывадным рэжымах ў складзе шыроказахватных і камбінаваных агрэгатаў, у тым ліку пры эшаланаванай навеске, на асноўнай і перадпасяўной апрацоўцы глебы, сяўбе збожжавых і іншых культур, нарыхтоўцы кармоў, ўборцы караняплодаў, збожжавых і тэхнічных культур, а таксама для выканання транспартных і стацыянарных работ у будаўніцтве і прамысловасці.

Асноўныя перавагі гэтай машыны - сучасны дызайн, камфартабельная кабіна, трансмісія з гідраўлічным кіраваннем, праграмуемае кіраванне гідрасістэмай адбору магутнасці, наяўнасць пярэдняга і задняга навясных прылад, рэверсіўны пост кіравання, магчымасць падвойвання пярэдніх і задніх колаў. Абсталяваны рухавіком «Caterpillar».

Фёдар Дамаценка, генеральны дырэктар ААТ «МТЗ»:

- Паўтара гады таму са сваімі віцебскімі калегамі мы падпісалі пратакол аб стварэнні буйной механізаванай брыгады і абмеркавалі магчымасць перадачы сельскім гаспадаркам Віцебшчыны партыі энерганасычаных трактароў з мэтай іх далейшай праверкі на палях рэгіёну. Сёння мы перадаем віцебскім аграрыям першыя дзесяць машын. Да пасяўной будучага года плануем перадаць яшчэ столькі ж (новую партыю трактароў пачнем збіраць цяперашняй восенню). Кіраўніцтвам прадпрыемства было прынята рашэнне аб бясплатным суправаджэнні гэтай тэхнікі, а таксама аб бясплатным навучанні віцебскіх механізатараў працы на ёй. З гэтай мэтай у рэгіён у бліжэйшы час адправяцца нашы спецыялісты. Мы спадзяемся, што праект гэты стане ўдалым працягам ўзаемнага супрацоўніцтва аграрыяў і вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі. Ужо цяпер з віцябчанамі мы абмяркоўваем магчымасць стварэння рабочай групы па вырабе трактароў, якія працуюць на камбінаваным паліве.

Мікалай Шарстнёў, губернатар Віцебскай вобласці:

- Гэта сапраўды маштабны праект, у якім мы вельмі зацікаўлены. Больш за сорак працэнтаў плошчаў Віцебскай вобласці - сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Гэта самы паўночны рэгіён краіны і земляробства тут праходзіць у экстрэмальных умовах. Кароткі вегетацыйны перыяд - аб'ектыўная праблема, з якой сутыкаюцца нашы аграрыі і ад эфектыўнага вырашэння якой, залежыць вельмі многае: ад павелічэння аб'ёмаў выпускаемай сельгаспрадукцыі да памяншэння яе сабекошту. Якасная тэхніка - адзін з тых фактараў, які зможа нам дапамагчы ў гэтым. Акрамя таго, падобныя праекты - рэальная магчымасць прыцягнуць у сельскагаспадарчы сектар маладых спецыялістаў. Бо толькі надзейная і якасная тэхніка забяспечвае годную выпрацоўку, а адпаведна і належную заработную плату. Сённяшняе мерапрыемства - своеасаблівая акцыя яднання прамысловасці і аграрыяў. Калі мы будзем разумець праблемы адзін аднаго і працаваць разам, ад гэтага выйграюць усе.

У вобласці больш за 6300 населеных пунктаў. Новыя трактары будуць працаваць у буйных сельскагаспадарчых структурах, якія аб'ядноўваюць птушкафабрыку, свінакомплекс, малочную ферму. Вырашана, што пяць машын адправяцца ў гаспадаркі Оршы і пяць - у гаспадаркі Віцебска. Што да наступных дзесяці машын, то ўжо цяпер у нас ёсць жадаючыя набыць іх у сваё карыстанне і як мага хутчэй.

Андрэй СТАСІЛЕВІЧ, генеральны канструктар ААТ «МТЗ»:

- Першыя энерганасычаныя трактары МТЗ выпусціў у 2005 годзе. Сёння некалькі тысяч такіх машын працуюць на палях рэспублікі, Расійскай Федэрацыі, Украіны. Адзін такі «БЕЛАРУС» замяняе дзясятак трактароў. Падобныя машыны створаны канструктарамі Еўропы і Амерыкі і нашы энерганасычаныя трактары ні ў чым не саступаюць замежным аналагам. Мы плануем, што мабільны атрад з дзесяці трактароў будзе працаваць у групе, і мы зможам ацаніць іх надзейнасць, якасць, правесці ўсе неабходныя мерапрыемствы ў рамках тэхабслугоўвання. Думаю, што першыя вывады і вынікі эксплутацыйнай праверкі можна будзе атрымаць ужо пасля маючых адбыцца вясновых палявых работ.

23 чэрвеня на прызавоцкай плошчы Мінскага трактарнага завода адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы трактароў «БЕЛАРУС-3522» губернатару Віцебскай вобласці Мікалаю Шарстнёву. Гэта стала магчымым дзякуючы сумеснаму праекту ААТ «МТЗ» і Віцебскай вобласці па шырокай эксплутацыйнай праверцы энерганасычаных трактароў магутнасцю 350 конскіх сіл.

Дзесяць новых машын, дзесяць прыгажуноў - «БЕЛАРУСаў», сталі ў рад недалёка ад Цэнтральнай прахадной прадпрыемства. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і галоўны інспектар па горадзе Мінску Аляксандр Якабсон, губернатар Віцебскай вобласці Мікалай Шарстнёў, кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёна сталіцы Дзяніс Аўсянікаў, старшыня Савета дырэктараў ААТ «Амкадор» Аляксандр Шакуцін, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства «Віцебскаблгаз», заслужаны энергетык краіны Пётр Шэршань, генеральны дырэктар ААТ «Гомсельмаш» Аляксандр Камко, кіраўніцтва і работнікі Мінскага трактарнага завода на чале з генеральным дырэктарам ААТ «МТЗ» Фёдарам Дамаценка.

Мерапрыемства стала па-сапраўднаму святочным. Свой падарунак беларускім трактарабудаўнікам і гасцям цырымоніі паднеслі творчыя калектывы прадпрыемства «Віцебскаблгаз». Выступлення харэаграфічнага ансамбля "Карнавал", ансамбля народнай музыкі і песні «Мілаліца», калектыва гарманістаў «Забава», музыкаў ансамбля народных інструментаў і салістаў арт-групы «104» на цэлую гадзіну ператварылі прызавоцкую плошчу ў канцэртную пляцоўку. Разам з калегамі свай добры настрой дарылі музыканты духавога аркестра Палаца культуры МТЗ і салісты народнага ансамбля «Белы Птах».

Звяртаючыся да прысутных з прывітальным словам, Аляксандр Якабсон падкрэсліў вялікае значэнне падобных ініцыятыў, эканамічна выгадных і для машынабудаўнічай галіны, і для прадстаўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў краіны. І калі пасля знаёмства з ідэяй падчас гэтай цырымоніі, пачынанне МТЗ ужо гатовы падтрымаць генеральны дырэктар ААТ «Гомсельмаш», значыць перспектывы такога супрацоўніцтва відавочныя ўсім.

Кажучы аб першай пастаўкі трактароў у рамках праекта, генеральны дырэктар ААТ «МТЗ» Фёдар Дамаценка звярнуўся да завадчан і адзначыў, што ад аддачы кожнага на яго працоўным месцы залежыць якасць гатовай прадукцыі, а значыць - зацікаўленасць патэнцыйнага пакупніка і, адпаведна, заработная плата трактарабудаўнікам.

У прысутнасці высокіх гасцей Фёдар Дамаценка перадаў Мікалаю Шарстнёву сертыфікат на права валодання дзесяццю машынамі мадэлі «БЕЛАРУС-3522». А кожны з дзесяці механізатараў сельгаспрадпрыемстваў Віцебшчыны атрымаў ключы ад трактара і памятны падарунак ад флагмана беларускага машынабудавання.

З словам у адказ звярнуўся да ўсіх губернатар Віцебскай вобласці Мікалай Шарстнёў. Са словамі падзякі і ўдзячнасці ўсім трактаразаводцам дырэктару нашага прадпрыемства быў перададзены вялікі каравай ад аграрыяў Віцебшчыны. Акрамя таго, Мінскаму трактарнаму заводу была ўручана мастацкая праца - пейзаж, выкананы з выкарыстаннем рагоў і костак жывёл. А таксама Віцебскі аблвыканкам ўручыў генеральнаму дырэктару ААТ «МТЗ» падарункавы сертыфікат на 50 квіткоў на наведванне юбілейнага 25-га фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Фёдар Дамаценка адзначыў, што скарыстаюцца ім лепшыя працаўнікі прадпрыемства, якім для наведвання Віцебска ў дні фестывалю будзе спецыяльна выдзелены транспарт.

У фінале мерапрыемства гаспадары новых трактароў у суправаджэнні кіроўцаў-выпрабавальнікаў Мінскага трактарнага занялі сваі месцы ў кабіне і крануліся з месца. Ужо заўтра машыны будуць адпраўлены па прызначэнні і зусім хутка змогуць прыступіць да працы на палях Віцебшчыны. Што ж, у добры шлях "БЕЛАРУСЫ"!

Прэс-служба