Навіны - Беларускія пісьменнікі завіталі ў госці да «Амкадора»


уверх

[2017-04-06]

Беларускія пісьменнікі завіталі ў госці да «Амкадора»

4 красавіка ў ААТ «АМКАДОР» – кіруючая кампанія холдынгу» прайшла творчая сустрэча з пісьменнікамі-гумарыстамі і супрацоўнікамі выдавецтва«Чатыры чвэрці», якое ўжо больш за 23 гады працуе ў сферы культуры, навукі і адукацыі Беларусі.

Мерапрыемства, прысвечанае Дню смеху, з нагоды якога адбылася прэзентацыя серыі кніг выдавецтва «Несур'ёзна пра сур'ёзнае», на самой справе стала сапраўдным святам беларускай культуры. У ім прынялі ўдзел адны з самых вядомых літаратараў нашай краіны. Кожнаму, хто хоць крыху знаёмы з творчасцю членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, канешне, пра многае гавораць імёны гасцей «АМКАДОРА» – Анатоля Зэкава, Аляксандра Жукоўскага, Рэгіны Рэўтовіч, Міколы Шабовіча, Міколы Маляўкі, Казіміра Камейшы, Уладзіміра Цануніна, Уладзіміра Навумовіча, Васіля Найдзіна. Іх творы займаюць годнае месца на кніжных паліцах сярод любімых твораў беларускай славеснасці. Яшчэ адзін ганаровы госць калектыву прадпрыемства – вядомы мастак Валянцін Губараў, карціны якога выкарысталі ў выдавецтве для мастацкага афармлення серыі кніг «Несур'ёзна пра сур'ёзнае». Гэта дазволіла зрабіць кнігі серыі ўзорам не толькі літаратуры высокага класа, але і шэдэўрам выяўленчага мастацтва.

Аўтары парадавалі прысутных чытаннем сваіх твораў – гумарэсак, эпіграм, замалёвак, пародый. У зале гучала чыстае, вобразнае беларускае маўленне, кожны радок быў прасякнуты паэтычным талентам і шчодра аздоблены жывым народным гумарам. І, напэўна, думалася прысутным: наколькі ж блізкая культура роднай зямлі і наколькі ўдзячная родная мова яе носьбітам, калі яе выкарыстоўваюць не ў якасці зброі, а дыхаюць ёю, нібы паветрам Бацькаўшчыны.

Але ў зале гучала не толькі беларуская мова, але і беларуская музыка. А якой жа якасці! Разам з супрацоўнікамі выдавецтва і майстрамі слова на «АМКАДОР» прыехаў і фальклорны ансамбль Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў «Баламуты», удзельнікі якога пад кіраўніцтвам Канстанціна Святаслававіча Трамбіцкага паказалі не толькі высокі клас ігры на народных інструментах, але і проста зайздросны ўзровень выканальніцкага запалу і куражу! І гэта ж пакуль усяго толькі студэнты, а што будзе, калі яны выйдуць на вялікую сцэну ўжо сталымі, вопытнымі майстрамі...

Сустрэча завадчан з прадстаўнікамі выдавецтва «Чатыры чвэрці» адбылася чацвёртага красавіка (4.4), і гэта супадзенне, на нашу думку , сімвалічнае.

Дырэктар і галоўны рэдактар выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліяна Фёдараўна Анцух падзякавала ўсім прысутным за цёплы, сардэчны прыём і выказала ўпэўненасць, што на гэтым супадзенні не сканчаюцца. Работнікі вядучага машынабудаўнічага прадпрыемства краіны і дзеячы мастацтваў супадаюць у галоўным – у любові да роднай зямлі і роднай культуры. І тое, што ў пісьменнікаў і музыкаў ёсць такая шырокая і ўдзячная аўдыторыя, – падмурак нашага адзінства і светлай будучыні.

Напрыканцы сустрэчы ўсе жадаючыя змаглі набыць упадабаныя кнігі выдавецтва «Чатыры чвэрці» самай рознай тэматыкі, па даступным кошце, ды яшчэ і з аўтографамі аўтараў. Ну а тыя, каму не дастаўся запаветны томік, могуць не хвалявацца, таму што хутка іх можна будзе знайсці ў бібліятэцы прафкама прадпрыемства.

Пресс-центр ОАО "Амкодор"